І ажываюць спадчыны старонкі
Любіць сваё – зусім не значыць
Чужое ганьбіць, адмаўляць.
Вось за чужым свайго не бачыць,
Не вывучаць, не шанаваць –
Злачынствам будзе без сумнення,
Бо ёсць такі закон жыцця:
Шануй чужое аж да пакланення,
Сваё любі да самазабыцця.
Пятро Бітэль
У малым вялікае ўбачыш толькі розумам,
Створана вялікае з дробных велічынь,
Бо раджаюць шолахі навальніцу грозную,
Бо ствараюць кроплі акіянаў плынь!
Алесь Звонак
- РАЗДЗЕЛ І: У вёсцы Палушы
- РАЗДЗЕЛ ІІ: У вёсцы Лоша
- РАЗДЗЕЛ ІІІ: У вёсцы Паракіці
- РАЗДЗЕЛ ІV: У пасёлку Гудагай
- РАЗДЗЕЛ V: Прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы і павер'і нашага краю, як адлюстраванне ўмоў жыцця, культуры і светаўспрымання нашых продкаў
РАЗДЗЕЛ І
У вёсцы Палушы
Выпускніца Гудагайскай сярэдняй школы Дзіяна Вайдак, ураджэнка вёскі Палушы, будучы студэнткай філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, зрабіла запісы галасоў сваіх аднавяскоўцаў, і нават шырэй – землякоў, дакладней – іх спевы. Сваімі запісамі падзялілася з роднай школай. Выказваем ёй за гэта ўдзячнасць. Да відэазапісаў напісаны каментарыі. Змест іх прыводзім ніжэй.
“Я вырашыла далёка не ездзіць, а завітаць да сваіх аднавяскоўцаў. Ведаючы, што Лаўрыновіч Алена Юстынаўна з’яўляецца адной з захавальніц вуснай народнай творчасці, сваю дарогу накіравала да яе хаты. Я не памылілася, тым больш, што ў яе ў гасцях былі две жанчыны, якія вырашылі мне таксама дапамагчы.
Дык вось, Алена Юстынаўна (нарадзілася ў вёсцы Палушы ў 1950г.) паведаміла, што справай яе жыцця заўсёды было жывёлаводства, але разам з тым яна заўсёды была актыўнай удзельніцай розных мерапрыемстваў: спявала на сцэнах розных сельскіх клубаў песні і і частушкі, спявала ў хоры, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, КВЗ, цешыла народ байкамі. Але аднойчы цяжка захварэла на ангіну, таму спяваць пачала менш.
Адну з суседак Алены Юстынаўны завуць Налівайка Галіна Уладзіславаўна. Яна таксама нарадзілася ў Палушах у 1935 годзе, скончыла 5 класаў рускай школы. Жанчына паведаміла, што раней жылося хоць цяжэй, але весялей.
Побач з імі сядзела Грыва Станіслава Антонаўна. Яна, як і яе суседкі, таксама нарадзілася ў Палушах у 1933 годзе, хадзіла ў польскую школу пяць гадоў (пачынала ў час вайны). Зараз яна разам з Галінай Уладзіславаўнай спявае на пахаваннях і вяселлях. Самой жанчыне вельмі шкада, што фальклорная спадчына прыходзяць у заняпад".
“Яшчэ зайшла я да Роцкай Марыі Міхайлаўны (1939 года нараджэння). Нарадзілася яна ў вёсцы Захарышкі Астравецкага раёна, а ў Палушы прыехала працаваць, так і засталася жыць. Жанчына з дзяцінства захаплялася народнымі спевамі, што нікога не здзіўляе, бо маці таксама любіла паспяваць, ды і бацька не адставаў.
Сама спявачка калісьці ведала вельмі шмат песен, а зараз ужо большая палова з іх пазабывалася па той простай прычыне, што зараз не так святы адзначаюцца, абрады не праводзяцца, як раней.
“Наступным прыпынкам стала невялікая хатка зноў жа ў маёй роднай вёсцы Палушы. Свае песні (пра каханне) мне праспявала Колышка Галіна Ільінічна. Нарадзілася яна ў 1952 годзе, а прыехала з горада Горлаўка да сяброўкі, і так яе прывабіла прыгажосць нашай краіны, што засталася яна тут на ўсё жыццё. Яе сям’я адрознівалася ад усіх іншых тым, што ўсе мелі добры голас. Галіна Ільінічна з маладосці да самай пенсіі працавала загадчыцай Палушскага сельскага клуба. У гэты час яна амаль на кожнае свята рыхтавала канцэрт у мясцовым клубе, куды запрашала жанчын пажылога ўзросту, і яны спявалі народныя песні. Уся вёска была ў захапленні. Сама таксама спявала. Дзве з гэтых песен яна агучыла мне".
РАЗДЗЕЛ ІІ
У вёсцы Лоша
Вёска Лоша ў савецкі час была досыць перспектыўнай. Тут знаходзіўся адміністрацыйны цэнтр калгаса, была пабудавана няпоўная сярэдняя школа, дзіцячы садок, працаваў клуб і бібліятэка пры ім. Аднак з часам распаду вялікай дзяржавы пачало катастрафічна падаць матэрыяльнае становішча гаспадарак, пачалася рэарганізацыя калгасаў. Мясцовы калгас ”Чырвоная зара” быў далучаны да суседняга - “Шлях Леніна”, маладыя сем’і пачалі сяліцца ў больш перспектыўных мясцовасцях. І ў 2008 годзе школа была закрыта. Вучні і настаўнікі былі пераведзены ў Гудагайскую сярэднюю школу. А праз год былі закрыты клуб і бібліятэка.
Многа гадоў узначальвала работу мясцовага клуба Шаблоўская Соф’я Фёдараўна. Пры клубе дзейнічала фальклорная вакальная група. Жанчыны былі жаданымі гасцямі на розных мерапрыемствах не толькі ў роднай вёсцы, але і на раённай сцэне. Але і зараз яны часам збіраюцца разам і ўспамінаюць свае любімыя песні. Вось і для здымачнай школьнай групы (Жаўток І.М. і Васілёнак М.К.) яны сабраліся разам, каб паспяваць і тым самым захаваць для нашчадкаў песенную спадчыну свайго краю.
У доме Соф’і Фёдараўны сабраліся мясцовыя былыя вакалісткі: Казадой Юзэфа Іосіфаўна, Антановіч Станіслава Іванаўна і Шафран Юзэфа Іосіфаўна. Моцныя галасы, добрая і незабытая саспяванасць адрозніваюць іх спеў. Песні носяць выразны мясцовы каларыт: вымаўленне, “тутэйшы” варыянт зместу, які адрозніваецца нават ад таго, які бытаваў у суседняй вёсцы.
Запісы гэтых песен выкарыстоваюцца ў школе ў час правядзення пазакласных мерапрыемстваў (напрыклад, у вясельным абрадзе “Запрашаем на вяселле”).
РАЗДЗЕЛ ІІІ
У вёсцы Паракіці
(з запісаў Вайдак Дзіяны)
“Я наведала вёску Паракіці Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. А паехала ў гэту вёску, бо там нарадзіўся мой тата, які мне параіў зайсці да Чарняўскай Ядзвігі Валяр’янаўны. Жанчына гэта добра спявае. Нарадзілася яна ў 1938 г. у вёсцы Гаспараліна, што таксама на Астравеччыне. Вучылася ў Алясінскай школе Астравецкага раёна, дзе скончыла чатыры класы. Ядзвіга Валяр’янаўна казала, што голас мае добры ад бацькоў, бо і бацька і маці вельмі добра спявалі.
РАЗДЗЕЛ ІV
У пасёлку Гудагай
ВЯСЕЛЬНЫ АБРАД
першай паловы ХХ стагоддзя
Запісаны ад жыхароў хутара Гурэлі
Гудагайскага сельскага савета
Пілецкай Яніны Францаўны, 1937 г.н.
Пілецкай Ядвігі Францаўны, 1938 г.н.
настаўніцай беларускай мовы і літаратуры
Гудагайскай сярэдняй школы
Новікавай Галінай Чаславаўнай.
2005 - 2006 навучальны год
СВАТАННЕ
Калі было вядома, што хлопец і дзяўчына любяцца і збіраюцца пажаніцца, то жаніх (у нас яго называлі заўседы малады) пасылаў да дзяўчыны сватоў. Аб гэтым папярэджваліся бацькі і звычайна ўжо чакалі свата і жаніха. Прыводзілі (прыязджалі) у суботу. Сватацца ехалі толькі жаніх і сват, гэта мог быць і старшыня калгаса, і блізкі сваяк. Едучы ў сваты, абавязкова чаплялі каню на шыю бразгуны-званочкі на шырокай скураной паласе. Гэта азначала, што малады багаты. Убіралі вупраж каня кветкамі і стужкамі з паперы або жывымі - у летні час.
У хаце маладой сватоў ужо чакалі: было прыбрана, стол засцілаўся белым абрусом. Дзяўчына – дачка - на вочы ў хаце нікому не паказвалася.
Сват і малады заходзілі ў хату, віталіся. Сват ставіў на стол літровую бутэльку водкі, расцілаў насатку (насавую хусцінку). Потым сват пытаўся: “А дзе гэта наша маладая?”
Выклікалі (звалі) дзяўчынку. Калі яна выходзіла, сват падводзіў хлопца да яе, хлопец цалаваў дзяўчыну ў руку.
Пасля бацька запрашаў усіх сесці. Вялася размова:
- А чаго хочаце, сваточкі?
- Хочам дачку ўзяць.
- Дочку то дочку, а што за дочку ўзяць хочаце?
- Ну, што маеце. Можам быка, можам цялушку.
- Трэба нешта даць. Але ж у мяне што? У мяне ж іх шмат… Добра. Я вам дам, і вы штоколек. Бітон водкі, кумпяк.
Далей размова вялася на розныя тэмы. Пагаварыўшы, сват і жаніх развітваліся, ехалі да дому.
ПЕРАД ВАСЭЛЕМ У МАЛАДОЙ
Пад вечар у суботу ў хаце маладой збіраліся дзяўчаты. Прымяралі сукенку маладой, упрыгожвалі галіначкамі шпарагусу (аспарагуса), лапніку па нізу сукенкі.
Для вэліна бралі каля 3 метраў празрыстай белай матэрыі, складалі, прызборвалі, сшывалі адзін край у форме “кукарды”. Рабілі 2-3 кукарды, адна вышэй за другую. З белай мяккай паперы рабілі ружачкі і плялі вянок, дабаўлялі абавязкова зелень вазонаў.
Вянок злучаўся з вэлінам, быў вялікім – “ад вуха да вуха”, замацоўваўся з дапамогай гумачкі – рэзінкі. Доўгі вэлін за маладой ніхто не нес ніколі. А каб не запэцкаць, маладая, ідучы, магла абкруціць яго вакол шыі, як шалік.
У суботу плялі маленькі міртавы вяночак – знак цнатлівасці маладой, які маці яе потым прышпіляла да вэліна ў час благаслаўлення.
Дзяўчаты рыхтавалі асыстэнтам і сватам банцікі. Абавязкова спявалі песні, прынадныя да гэтага выпадку. Песні былі і сумныя і вясёлыя.
ВАСЭЛЕ (вяселле)
У 50-я гады васэлі ў нашай мясцовасці пачыналі толькі ў нядзелю і шлюб бралі таксама толькі ў нядзелю.
Выязджалі да шлюбу на гадзіну дня. З 10 годзін раніцы збіралася радня маладой: цёткі, дзядзькі, браты і сестры, асыстэнты і асыстэнткі (незамужнія дзяўчаты і хлопцы).
Дзяўчаты ўбіралі маладую. Грала музыка. Калі дзяўчаты ўжо ўбралі маладую, музыканты казалі, што трэба зачынаць васэле. Яны ігралі вальс або факстрот ці якую іншую мелодыю, а бацькі маладой танцавалі некалькі хвілін. Дачка дзякавала бацькам.
Бацькі маладой запрашалі гасцей сесці за стол пачаставацца. Маладая за стол не сядала. Падкрапіўшыся, госці выходзілі з-за стала. На падлогу слалі дыван, матка і бацька сядалі на лаву або табурэтку і благаслаўлялі, жагналі сваю дачку, якая станавілася на калені.
Маці прыколвала вяночак з міртавых галінак на вэлін на затылку. Дочка цалавала бацькоў у рукі, у ногі. Затым дыван выносілі з хаты і закідвалі на страху, каб і ўсе дзяўчаты замуж павыходзілі.
За гадзіну-дзве да шлюбу прыязджаў малады. Ехаў на конях у вазку (ці брычцы, ці санках). Коні ўбіраліся спецыяльнымі папанамі са скуранымі бумбулькамі, фрэнзлямі, бахрамой, на дугі чаплялі кветкі з паперы, вазок засцілалі самым прыгожым дываном.
Малады са сватам, які быў перавязаны ручніком з пляча па пояс, заходзіў у хату, вітаўся, пытаў, дзе маладая.
Дзяўчына выходзіла, хлопец дарыў ёй букет. Букет зімою рабілі з каляровай паперы: гэта былі ружы, дабаўлялі галінкі вазонаў, ашпарагуса, лапніка.
Потым за стол садзілі только ўжо дваіх маладых. Яны перакусвалі і выходзілі з-за стала. Выходзячы, маладая цалавала абраз на покуце, прыступіўшы на лаву.
За прыездам гасцей, маладымі заўседы глядзелі і госці, і суседзі, зайсці мог любы вясковец.
Выйшаўшы з-за стала, маладая, плачучы, развітвалася і цалавалася з усімі, хто быў у хаце, але не з гасцямі.
Дзяўчаты - асыстэнткі да ад’езду павінны былі прышпіліць (прычапіць) банцікі і сватам, і асыстэнтам.
Для гэтага бралася купленая атласная стужка белага колеру (можна было і сіняга) прыблізна поўметра, складваўся банцік з доўгімі канцамі, а канцы яго абразаліся ў выглядзе “хвосціка” ластаўкі.
Пад музыку васэля выходзіла на двор, сядала ў вазкі. Малады і маладая ехалі да шлюбу паасобку.
ПЕРАД ВАСЭЛЕМ. СУСТРЭЧА МАЛАДЫХ.
Пасля шлюбу маладых спатыкалі на ганку бацькі маладой. Перад тым як маладыя сойдуць з брычкі ці вазка, на зямлю кідалі кажух, каб яны ступілі на яго і жылі багата і добра.
Затым маладыя падыходзілі да бацькоў. Тыя сустракалі іх з хлебам-соллю. Клалі як цэлы хлеб, так і адрэзаную лусту. Маладыя па чарзе адламвалі па кусочку хлеба, макалі ў соль, елі. Потым чуць-чуць прыгублялі водкі, але да канца і поўнасцю ніколі не пілі. Потым дзеці цалавалі бацькоў. А затым яны запрашалі ўсіх у хату і садзіліся за стол.
Грала музыка. Госці маладой па яе старане сядалі, ад маладога – за ім у рад. Госці частаваліся, спявалі, танцавалі.
Праз колькі часу першы асыстэнт выводзіў маладую ў танец: паглядзець, ці не храмая, ці не крывая. Маладая выходзіла па лаве, за спінамі гасцей.
Пара танцавала, а потым маладая даравала асыстэнту шалік або платочак – абкручвала шыю. Хлопец у падзяку цалаваў у руку. У некаторых выпадках маладая даравала першаму асыстэнту ручнік, і тым ручніком выціралі твары і хлопцы, і дзяўчаты, каб добра жыць, пажаніўшыся.
Вяселле прадаўжалася далей і цягнулася да самай раніцы. У дзвярах, у вокнах заўседы было поўна цікаўных: дзяцей, цётак, вяскоўцаў. Госці васэля маглі пачаставаць іх, кінуўшы кусок булкі (пірага).
Потым, ужо даволі позна, уночы, пачыналі дараваць, г.зн. дарыць падаркі. Гэта былі ручнікі, дываны, пару метраў тканіны, троху грошай. Даравалі з гумарам, прыгаворваючы, падсмейваючы і маладых, і гасцей.
Перад тым, як пайсці адпачываць, маладая здымала вэлін, давала яго мерыць усім дзяўчатам. Гэта зноў - такі рабілася з мэтай, каб і яны павыходзілі хутка замуж.
ВАСЭЛЕ Ў МАЛАДОГА
Позна на раніцы, у панядзелак ужо, госці збіраліся за стол. Музыканты гралі маршы: спявалі песні для маладых і іх бацькоў, сватоў і гасцей, за што тыя ўсе плацілі, гэта значыць лажылі грошы ў талерку, абвязаную вялікай насаткай (насавой хусцінкай).
Пасля маршоў збіраліся выязджаць да маладога. Сват маладога выкупліваў падушкі ў маладой: плаціў грошы ці што-небудзь дарыў. А сват маладой павінен быў заплаціць таму, хто панясе падушкі на вазок ці сані.
У некаторых выпадках сама маладая, прыехаўшы з падушкамі да хаты маладога, дарыла ручнік таму, хто вез, - клала яго за спіну каня, на каторым ехала, а ручнік забіраў гаспадар каня.
Ад’яжджаючы ад маладой, сваты ці хто-небудзь з гасцей стараліся што-небудзь украсці – узяць з хаты. Гэта магла быць і качарга, і відэльцы, і пляцёнка цыбулі, і курыца, і кош з бульбай - што хочаш: абы смяшней.
Ехалі з музыкай, спявалі, весяліліся, кідалі цукеркі сустрэчным. Бацькі маладога надчэквалі гасцей. Выходзілі, спатыкалі, запрашалі за стол.
Маладая дарыла свякрове матэрыял на сукенку або хустку. Быў звычай дараваць і бацькоў маладога, і братоў, і сясцер яго, і хросных бацькоў.
Васэля ў маладога гулялі з панядзелка па аўторак.
БАЙКА
Сабраліся хлопца сватаць. Перад ад’ездам да дзяўчыны бацькі наказваюць:
- Ты ж там не еш і не пі шмат. Бо што могуць падумаць?
А выязжджаючы, жаніх узяў ў кішэню каўбасу.
Калі прыехалі, пагаварылі, за сталом пасядзелі, кажа ён:
- Мне трэба выйсці на двор.
Выйшаў, схаваўся за вугал і кусае каўбасу. А дзяўчыне цікава было, чаго той выйшаў – і яна за ім следам. Выглянула, убачыла, што завея і кажа:
- Але і круця!
А хлопец пачуў і адказвае:
- Сваё, не тваё. Мне мама дала.
А дзяўчына:
- Дык я ж пра мяцеліцу.
РАЗДЗЕЛ V
Прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы і павер’і нашага краю
як адлюстраванне ўмоў жыцця, культуры і светаўспрымання нашых продкаў
(па матэрыялах школьнага музея “Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае”)
Вайцяхоўская Ганна Віктараўна - вучаніца 8 класа
Кіраўнік: Васілёнак Марыя Карлаўна - кіраўнік музея
2012 год
УВОДЗІНЫ
На працягу некалькіх гадоў вучні, якія наведвалі гурток пры школьным музеі, запісвалі прымаўкі, пагаворкі, прыкметы, якія выкарыстоваюць у сваёй мове людзі старэйшага ўзросту. Мы паспрабавалі абагульніць сабраныя матэрыялы. І вось што ў нас атрымалася.
Яшчэ задоўга да таго, калі мастацкае слова было зафіксавана ў помніках пісьменнасці, народ выяўляў свае настроі і думы ў песнях, казках, легендах і паданнях, прыказках і пагаворках. Яны на працягу многіх гадоў і стагоддзяў свайго бытавання перадаваліся з пакалення ў пакаленне. У іх адлюстроўваліся ўсе найважнейшыя асаблівасці народнага жыцця з самых далёкіх часоў: барацьба чалавека з прыроднай стыхіяй, яго мары, меркаванні, любоў да радзімы і нянавісць да ворагаў, глыбокі аптымізм.
Нездарма тэрмін фальклор, які ўзнік у сярэдзіне XIX ст., у перакладзе азначае “народная мудрасць”.
Аўтэнтычнасць мясцовых пагаворак
Значную частку сабранага намі матэрыялу складаюць прыказкі і прымаўкі. Прычым, многія з іх з’яўляюцца аўтэнтычнымі, гэта значыць самабытнымі, іх не зафіксавалі пакуль што слоўнікі. Яркі прыклад гэтаму наступныя пагаворкі:
- Ранняя пташачка зубкі калупае, позняя – вочкі працірае.
- Рыбак рыбака відзя здаляка.
- Датуль маці міла, пакуль дупу мыла.
- Хто маткі не слухае, той у пальцы дмухае.
- Дурню гавары, а ён – дагары.
- Сем лет у стадзе хадзіў, а ўсё цяля.
- Пакуль у пана на губцы, у кухара – у дупцы.
- Ці свінні елі, ці паны папасваліся.
- Не той дурны, хто кажа, а той – хто пераказвае.
- Бруха акенца не мае: што з’еў – не відаць.
- Не будзь сам плох, не будзе вінаваты і бог.
- Паміраць збірайся, а жыта сей.
- Рабі пільна, будзя і тут Вільня.
- Так і быць: як скрояна, так і шыць.
- Ума няма – шчытай, калека.
- Не той рабак, што мы ядзём, а той, што нас есць.
- Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любя.
Адразу ж кідаецца ў вочы дыялектны характар не толькі асобных слоў (здаляка, дагары, бруха, губцы, дупцы, рабак, звягі і інш.), але і граматычных форм слоў (відзя, шчытай, ума, будзя).
Па зместу яны таксама неаднолькавыя, неаднародныя, адразу ж бачна, і па часу ўзнікнення. Пакуль у пана на губцы, у кухара – у дупцы; Ці свінні елі, ці паны папасваліся – відавочна, ўтварыліся ў той час, калі грамадства дзялілі на паноў і залежных ад іх сялян. Але трапнае народнае слоўца зафіксавала перавагу апошніх над сваімі ўладарамі.
Хто маткі не слухае, той у пальцы дмухае; дурню гавары, а ён – дагары;
Сем лет у стадзе хадзіў, а ўсё цяля- гэтыя, напэўна, адрасаваны перш за ўсё непаслушнаму дзіцяці як жыццёвы вопыт, як заканамернасць, што падцверджана лёсам не аднаго чалавека.
Не будзь сам плох, не будзе вінаваты і бог; Рабі пільна, будзя і тут Вільня- гэтыя дзве прымаўкі таксама недвухсэнсоўна адрасаваны таму, хто пачынае выбіраць або толькі задумаўся над выбраным жыццёвым шляхам. Звяртае на сябе ўвагу апошні выраз. Магчыма, ён ўзнік не так даўно, а толькі ў той час, калі моладзь з нашага рэгіёну стала масава пакідаць вёску, шукаючы лепшую долю ў бліжэйшым да нас горадзе – Вільні.
Ранняя пташачка зубкі калупае, позняя – вочкі працірае; Паміраць збірайся, а жыта сей; Так і быць: як скрояна, так і шыць - у гэтых і іншых прымаўках вобразна напамінаецца аб тым, што часта наш дабрабыт залежыць ад таго, наколькі мы асэнсавалі заканамернасць і неабходнасць працы і мэтанакіраванасці на поспех, нашай настойлівасці ў дасягненні поспеху.
На першы погляд наступныя дзве прымаўкі, звязаныя агульнай лексічнай тэматыкай – “страўнікавай”, на самай справе маюць розны сэнс. Бруха акенца не мае: што з’еў – не відаць - сапраўды, гаворыць аб тым, што не варта аддаваць так многа ўвагі харчаванню або перажываць, што нехта есць смачней, чым ты. Другая ж - Не той рабак, што мы ядзём, а той, што нас есць - горкае ўсведамленне таго, што не толькі недобраякасная ежа (халадзільнікаў не было ў той час, калі ўзнікла гэта прымаўка), а невылечная хвароба падчас пагражаечалавечаму жыццю.
Мясцовыя прымаўкі
Прымаўкі маюць незавершаную сінтаксічную будову ў адрозненне ад прыказак, але таксама характарызуюцца павучальнасцю, абагульненасцю назіранняў:
- Ні богу свечка ні чорту качарга.
- Прысаліўшы, прыхваліўшы есці можна.
- Няма калі носа высмаркаць.
- Што ты панімаеш у кілбасных абрэзках.
- Голад ні цётка.
- Лата на лаце і дзюра ў лаце.
- І сам не гам – і другому не дам.
- Перш за грэх, чым за праўду.
- Аж сэрца крывёй абліваецца.
- Насыпаць солі на хвост.
- Ці іграй, ці грошы аддай.
- Абы шыя, а хамут будзя.
- Вецяр у галаве.
- Абяцанка – цацанка, а дурному – радасць.
- Прыйшоў як агню (солі) пазычыць.
Зноў назіраем мясцовы характар як лексікі, так і граматыкі: кілбасных, пёнтку, вецяр, дзюра, будзя, ні цётка. У іх гэтак жаярка адлюстроўваецца багаты працоўны і жыццёвы вопыт народа (Перш за грэх, чым за праўду; Абы шыя, а хамут будзя), яго мудрасць (Голад ні цётка; Абяцанка - цацанка, а дурному - радасць), псіхалогія і светапогляд (Ні богу свечка ні чорту качарга). У некаторых з іх адбіліся досыць прымітыўныя, магчыма, нават язычніцкія ўяўленні пра сусвет, прыроду, чалавека, расліны, жывёл:
- Каб цябе пярун.
- Ляціць сусам.
- Як вош пад струп лезе.
- Надуўся, як мыш на крупы.
- Як жук на трэцялетнім агнішчы (спёкся, зварыўся).
- Ціха, як у божым ушку.
- Адной нагой на тым свеце стаіць.
- Мядзведзь ніколі не мыўся, а які дужы.
- Куды спяшаіся з козамі на торг?
Прыказкі вучаць любіць свой край, Радзіму, яе герояў і ненавідзець ворагаў (Усюды добра, а ў хаце найлепей; Там добра, дзе нас няма).
Трапна выказвае народ свае думкі пра шчасце, лёс і долю, дабро і зло:
- Скрыпучае дрэва длуга скрыпіць.
- Сужонага не аб’ехаць, не абысці.
- Каб знаў, дзе паваліся, сеў бы.
- Благая пуга, а і без яе туга.
- Яблыка ад яблыні недалёка коціцца.
- Як пасцеліш, так і выспіся.
- Дзе каротка, там і рвецца.
- Без каманды войска гіне.
- Начная зязюля ўсіх перакукуе.
- Ляжак ляжыць, а за ім доля бяжыць.
- Бяда сваей хаткі не мае.
- Адклад не ідзе ў лад.
- Трэба жыць, як набяжыць.
- Слухай людзей, а свой розум мей.
- Рука руку мые, каб абедзве белыя былі.
- За спрос не б’юць у нос.
- Не поп – не ўбірайся ў рызы.
- Хто хрысця, той неба чысця.
- Век жыць – не мех шыць.
- Жыве кот, жыве і сабака.
Увогуле, прыказкі і прымаўкі – гэта своеасаблівая энцыклапедыя жыцця народа ў розныя гістарычныя эпохі. Занатаваны ў некаторых з іх мясцовыя назвы паселішчаў – тапонімы:
- Бабраўніцкі халаднік.
- Нарабіў як воўк у Маркунях.
- Паракіцкія лусты.
- Асёл дарданэльскі.
- Варона гярвяцкая.
Прыказка Зарабіў, як Заблоцкі на мыдле (значыць, страціў сваё, а не зарабіў) таксама, здаецца, мае мясцовае паходжанне, аб чым сведчыць часта выкарыстоўваемая форма мыдле.
Дыялектны характар фразеалагізмаў зямлі гудагайскай
Ёсць сярод сабраных выразаў устойлівыя спалучэнні слоў, якіяне ствараюцца, а захоўваюцца ў свядомасці чалавека як гатовыя адзінкі. Вучоныя-лінгвісты называюць іх фразеалагізмамі. Па сваёй прыродзе яны вельмі метафарычныя, эмацыянальна - экспрэсіўныя, могуць утрымліваць ацэнку. Яны надаюць мове непераймальную сакавітасць:
- Як мокрае гарыць.
- Ад серады да пёнтку (нарабіў).
- Як мух аб’еўшыся.
- Як місачку пабіўшы.
- Што ўбіў, тое ўехаў.
- Там добра, дзе нас няма.
- Як сеў, так і прыкіпеў.
- Аж скура на ім гарыць.
- Стаіць як слуп маляваны.
- Раве не сваім голасам.
- Не чуе, кім ён ёсць.
- Ног не чуе пад сабой.
- Умны умнаму слова - два і рэхты.
- З пустога ў парожняе (пераліваць)
Павер’і, прыкметы і праклёны
У народнай памяці з часам назапашваліся прыкметы. Яны часцей за ўсё былі звязаны з нейкімі касцельнымі, адзначанымі на нашых тэрыторыях святамі. Сёння, калі экалагічныя фактары ў нейкай ступені змянілі клімат,не ўсе гэтыя прыкметы спраўджваюцца. Але, напэўна, узніклі яны не на голым месцы. Заканамернасці ў зафіксафаных з’явах былі, таму што нашы суразмоўцы - старэйшыя людзі з надыходам таго ці іншага свята зноў і зноў іх паўтараюць:
- На Марціна – з вадой, на Каляды – з лядой, а на Марціна з лядой, то на Каляды з вадой (Марціна - 11 лістапада).
- Як расплачыцца Януля, то ўтуля аж Гануля(ад 29 чэрвеня да 26 ліпеня).
- Чакай Пятра – сыр з’ясі.
- Калі бярозка перш распусціцца, чым ольха, - лета сухое будзе, а калі наадварот – мокрае.
- На Грамніцы лепей ваўка ў лесе спаткаць, чым сонца на небе ўвідзець.
- На Звяставанне і птушка гнязда не віе.
- На Звяставанне не можна дровы з лесу несці, а то гадзіна ў хату прыдзе.
Праклёны - астаткі ўпэўненасці нашых продкаў, іх веры ў магічныя сродкі ўздзеяння на чалавека, жывёлу з дапамогай слова - мы таксама сустрэлі сярод устойлівых выразаў нашай мясцовасці:
- Каб цябе немач!
- Каб твае дзеці ў водцэ смак пазналі.
- Каб табе мазгі павысыхалі.
Але гэтыя праклёны, злосныя выразы не трэба ўспрымаць даслоўна. Часцей гэтыя формы ўжываюцца, калі чалавек знаходзіцца ў стане нервовай узбуджанасці або яго нешта раздражняе. У такім стане чалавек ужывае праклёны, каб даць разрадку сваёй злосці, і часцей праклёны ўжываюцца як формула спынення раздражнення, а сэнс выказвання ўжо не такі значны.
Мы ведаем, што ў працэсе гістарычнага развіцця нашы тэрыторыі неаднаразова былі ў складзе іншых дзяржаў. З прыходам новай улады ўстанаўлівалася новая дзяржаўная мова. Так, досыць вялікі прамежак часу нашы тэрыторыі былі ў складзе Рэчы Паспалітай – Польшчы. Таму так многа ў вуснай памяці народнай захаваласяўстойлівых выразаў на польскай мове, хоць сёння не сустрэць сям’ю ў нашым рэгіёне, дзе б у штодзённым абіходзе карысталіся б польскай мовай. Нашым гурткоўцам пашчасціла запісаць 37 такіх прыказак, пагаворак, прыкмет.
Заўважылі мы сярод нашых запісаў і зняважлівыя адносіны да тых, хто прыйшоў з іншага моўнага асяроддзя:
- Пшэкі (аб паляках).
- Гэны гэнага папхнуў, гэны заваліўся (здзек над тымі, хто прыехаў з усходу).
- Кішка руская.
- Жыдамі не аралі і араць не будуць (у перакладзе з польскай мовы: Zydźmi nie orali i orać nie będą).
- Турак няшчасны.
- Гіргун з чорным паднябеннем (аб літоўцах).
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Мова адлюстроўвае светапогляд, светаадчуванне яе носьбітаў. Пры дапамозе мовы як крыніцы пазнання гісторыі народа, яго культуры можна знайсці адказ на шэраг пытанняў, звязаных з этна-гістарычнымі кантактамі народа, яго разумовым і псіхалагічным развіццём, асаблівасцямі ўкладу жыцця, быту. Фальклор – няспынная творчасць народа, якая бытуе ў вуснай перадачы людзей з пакалення ў пакаленне. Таму трэба збіраць, запісваць і захоўваць тое, што сёння яшчэ гучыць у жывой мове нашых дзядуль і бабуль, каб не перарвалася сувязь пакаленняў, каб і мы маглі пры выпадку ўзбагаціць сваю мову трапным народным словам.
Дадатак
Прыказкі, прыслоўі, прыкметы на польскай мове
- Kto rano wstaje, temu Pan Bóg daje.
- Jakie drzewo - taki klin, jaki ojciec - taki syn.
- Gruby jak baryłka.
- Taka pani, co pod wozem muchi łapi.
- Józef w kożuszku.
- Psu do dupy.
- Jeszcze chwilka, jeszcze milka, niech odrośnie ogen wilka.
- Używaj świata, puki służą lata.
- Prosta droga aż do Pana Boga.
- Czyja zguba, czyja strata, będę nosić całe lato.
- Zydźmi nie orali i orać nie będą.