Сядзібы ў вёсках Задворнікі і Дубнікі – маёмасць знакамітых і пародненых шляхецкіх радоў.

Дарогамі пошуку.

Бусліная зямля. Азёры ды бары.

                                                                           Акопы ды палын. Зямля святая.

                                                   Тут не забыты плач.

                                            І не забіты смех.

Не аціхае спеў чарод птушыных.

Тут дождж не проста дождж.

І снег не проста снег.

Бо гэта дождж і снег

Над берагам

Айчыны.

Нямала таямніц мае гісторыя нашага краю. Мала даследаванай застаецца архітэктурная спадчына нашай малой Радзімы. Таму, далучыўшыся да праекта”Сядзібы пачатку ХХ стагоддзя”, мы перш за ўсё вылучылі аб’екты нашага даследавання і вызначылі тапанімічныя кропкі маршруту пошукаў.

А пачалося ўсё з размеркавання абавязкаў, рысавання карты, сустрэч з людзьмі, чытання літаратуры, пошукаў у інтернэтпрасторы і, урэшце, афармлення працы.

Па - першае, у нашым пасёлку Гудагай  жыве жанчына, якая ўсё сваё працоўнае жыццё правяла ў сценах былога панскага дома ў Дравяніках, дзе ў з пачатку 50-ых г.г. пачала працаваць пачатковая школа , і Санкоўская Н.Ф. там працавала як настаўніца. Таму мы і накіраваліся ў пошуках інфармацыі менавіта да Ніны Францаўны.

Наступным прыпынкам была вёска Задворнікі, дзе мы спрабавалі атрымаць адказы  на хвалюючыя нас пытанні. Аднак нічога новага мы не пачулі. І накіраваліся ў так званы “двор”, дзе сёння размяшчаецца Дом паляўнічага, які належыць Астравецкаму лясгасу.

   

Яшчэ ў Задворніках нам параілі сустрэцца са Станкевічам Антонам Іванавічам, 1930 г нараджэння, з вёскі Дравянікі, які мае добрую памяць і з’яўляецца цікавым суразмоўцам. Але яго ўспаміны таксама не вельмі ўзбагацілі наша даследаванне, акрамя таго, што мы даведаліся, адкуль узяліся Альбэкі – татарскі род на нашых тэрыторыях.

У кнізе “Памяць. Астравецкі раён” гэты комплекс  апісаны як  сядзіба Блажэйевічаў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны на працягу звыш 50 гадоў тут размяшчалася школа. Зараз у гэтым занава адрэстаўраваным доме размяшчаецца  Дом паляўнічага, уладальнікам якога з’яўляецца Астравецкі лясгас. І, хочацца спадзявацца, што гэта найлепшы на сёняшні час варыянт выкарыстання гэтай пабудовы.

  У “Кароткай беларускай энцыклапедыі”  чытаем: ”Сядзіба – гэта пабудовы, якія састаўляюць гаспадарча-эканамічнае і архітэктурна-кампазіцыйнае цэлае.”

А вось радкі з кнігі “Памяць”: “Камплектнасцю, прыгажосцю  краявідаў вылучаецца сядзіба  Блажэйевічаў  Дравянікі каля в. Задворнікі. Да 1926 г. маёнтак належаў Юльяну Блажэйевічу , доктару медыцыны (пахаваны на фамільных могілках каля сядзібы).

                                   

Магіла на ўскрайку леса

 і надмагільная пліта з надпісам на польскай мове.

 Апошнімі ўладальнікамі сядзібы былі Альбекі. Сядзіба закладзена на рубяжы 19 – 20 ст. Сярод поля, на маляўнічай узгорыстай мясцовасці. У плане мае форму амаль квадрата плошчай каля 4 га.

   

      Парадны двор займае найбольш ўзвышаную сядзібную мясціну і дамінуе ў кампазіцыі. Сядзібны дом невялікі, драўляны і разам з газонам маляўніча ўпісаны ў акружэнне векавых  магутных дрэў – дуба, клёна, ясеня, таполяў. З левага боку газона сярод кустоў бэзу, караганы, язміну стаіць драўляная афіцына. Далей, за старым бэзам, які расце ў выглядзе куста з чатырох ствалоў, размешчана маленькая (4 х 3,5 м) лядоўня. Будынак складзены з буту, вуглы цагляныя, дах чатырохскатны.

      Сядзібу перасякае ліпавая алея. Уезд фіксаваны дзвюма таполямі Пятроўскага. Алея вузкая (шырыня 3 м) , мае узрост 150-200 гадоў і з’яўляецца, відавочна, бакавой алеяй баскета. Загінаючыся ў паўднёвую частку сядзібы, яна цягнулася ўздоўж саду і заканчвалася ў лясным масіве альтанкай (не захавалася). Другая альтанка , магчыма, каплічка, размяшчалася з правага боку ад уезду перад сажалкай. Сажалка ў глыбокіх берагах і з ўсіх бакоў абкружана дрэвамі. Другая сажалка, таксама крынічнага жыўлення, размешчана за домам, у плане квадратная, зарастае.”

   

Зараз мы звярнуліся да тых, хто добрую частку жыцця правёў у гэтым доме.

Санкоўская (дзявочае прозвішча Іванцевіч) Ніна Францаўна працавала ў Дрывініцкай пачатковай школе, што размяшчалася ў панскім доме (так званым “двары”) ў Задворніках з  1965 па 2001 год. Была яна апошнім настаўнікам гэтай школы –  школа была закрыта.

У першы год работы ў школе навучалася 50  вучняў, а ў год закрыцця – толькі 7. Прыйшоў такі час, калі моладзь пачала масава выяжджаць у гарады, і вёскі, далёкія ад цэнтральных дарог, ад цэнтраў калгасаў, пачалі паступова  пераўтварацца ў бесперспектыўныя.

Шкада, што час яе працы ў гэтай школе прыйшоўся на такі  гісторычны адрэзак, калі нават шкодна было цікавіцца  жыццём былых гаспадароў дому. Калі Ніна Францаўна прыехала сюды працаваць, дом складаўся з дзвюх палавінак: левая  палавіна была адведзена пад клас, другая была жыллём настаўнікаў.

   

                                                   

Зараз абуладкавана і верхняя частка дому, дзе знаходзяцца пакоі для гасцей.

Школе ж гэты мансардны паверх служыў гарышчам, дзе захоўвалі адслужыўшыя свой час падручнікі, класныя журналы, лічыльнікі, карты і інш.

 У той час пачала тут жа настаўнічаць Зоя Аляксандраўна Хадоркіна (дзявочае прозвішча Давыдзік). З гэтага фотаздымка 1968  глядзяць на нас не толькі шчаслівыя маладыя твары настаўніц і іх абранікаў, але і вонкавыя сцены дома такімі, якімі іх заставілі колішнія сапраўдныя гаспадары.  З правай стараны з-за дрэва бачым невялічкі фрагмент дома, дзе некалі жылі “служонцыя” – афіцына, а ў 60-ых гадах жыла сям’я Янкоўскіх, якая не мела ніякага дачынення да школы.

Калі СССР распаўся, да Ніны Францаўны Санкоўскай наведалася Адэля Альбэка. Жыла яна ў той час у Польшчы, а была дачкой гаспадара дома. Прыехала сюды, каб набраць зямлі з родных мясцін  і высыпаць яе на магілы родзічаў там, на новай сваёй Радзіме. З жалем расказвала яна пра сваё маладое жыццё. Успамінала, што гэты дом быў іх летняй дачай, калі можна так сказаць сёняшнім слэнгам. Зімнія месяцы яны жылі у Вільні, дзе таксама мелі свой дом. А сядзіба ў Дравяніках карміла іх круглы год. Мелі яны тут свайго эканома, які  кіраваў  гаспадаркай і адвозіў для паноў у Вільню ўсе прадукты харчавання, якія давала гораду вёска.

Пра  бацьку свайго, як успамінае Н.Ф. Санкоўская, пані Адэля сказала, што быў ён “ужэнднікам” - чыноўнікам, служыў у нейкай дзяржаўнай установе. А сама яна дзесьці вучылася, але вайна перашкодзіла закончыць адукацыю. У той час, калі прыязджала праведаць бацькоўскі дом, сама яна мела асабісты бізнес, жывучы ў горадзе. Сувязь не падрымалася, і на гэтым расповяд былой настаўніцы закончыўся.

Другі наш суразмоўца, Вянгроўская Марыя Феліксаўна, якая таксама ў 50-60-ыя г.г. мінулага стагоддзя жыла  ў той “афіцыне” на наша пытанне: “А якія ж адносіны мае магіла на пагорку за сядзібай?” – нічога значнага не дадала да звестак, якія ў нас ужо былі: - “Расказвалі людзі, што ў вайну з немцамі  быў тут неякі генерал…”

Наступны наш суразмоўца, Станкевіч Антон Іванавіч з вёскі Дравянікі, успомніў, што чуў ад старэйшых, як Пасля першай сусветнай вайны ў таго Блажэевіча з’явіўся зяць – татарын Альбэка.

Пошук у сусветным павуцінні таксама не даў адказу на пытанне: “Хто ж такі Юліян Блажэйевіч, доктар медыцыны, генерал?”

Але, працуючы над гэтай тэмай, мы атрымалі на рукі, як нам падаецца, да гэтага часу не знаны ў гісторыі Астравеччыны матэрыял.

Краязнаўцы нашага раёна, пачынаючы з прафесара А.І. Мальдзіса, многа ўжо пісалі пра былы маёнтак у вёсцы Дубнікі. А шырокае кола дасведчаных людзей перш за ўсё ганарылася тым фактам, што тут неаднойчы быў у гасцях Генрых Сенкевіч, славуты польскі пісьменнік, лаурэат Нобелеўскай прэміі. Добрым сябрам гаспадара дому быў таксама польскі драматург і пісьменнік Аляксандр Фрэдра. Нам пашчасціла даведацца пра тое, што род Мінэйкаў, прадстаўнікі якога на працягу амаль паўтара стагоддзя жылі ў Дубніках, на нейкім гістарычным адрэзку парадніліся з родам Блажэйевічаў, якія мелі свой маёнтак не так далёка ад Дубнікаў, у вёсцы Задворнікі.

Маёнткам у Дубніках першапачаткова валодалі Абрамовічы з Варнян, затым - магнаты з Міхалішак Бжастоўскія, а ў руках Мінэйкаў ён аказаўся толькі ў пачатку 19 ст.

   

Спачатку Мінэйкі жылі ў драўляным палацы 17 ст., пабудаваным, відаць, яшчэ Абрамовічамі. У 1878 годзе Браніслаў Мінэйка пабудаваў у эклектычных формах новы палац па праекту інжынера Вайніцкага з Пецярбурга. Будынак складанай канфігурацыі ў некалькі змененым выглядзе дайшоў да нашых дзён. Ён двухпавярховы з аднапавярховымі бакавымі аб’ёмамі. Першы паверх мураваны. Другі – драўляны. Усходні фасад палаца мае два рызаліты. Левы з іх завершаны атыкам, дзе ёсць дата будаўніцтва, а над ёю размяшчаўся высечаны з дрэва гербавы шчыт. Другі рызаліт мае зрэзаныя вуглы і завершаны конусападобным дахам. Маляўнічы выгляд надавала будынку квадратная ў плане двухпавярховая вежа з вокнамі і балконам.

Палац меў шмат пакояў рознай формы і прызначэння: вестыбюль, вялікі і малы салоны, бібліятэку, сталовую, гасціныя, будуар, кабінет, буфет, аптэку, пакоі жылыя, службовыя, гардэроб і інш.

Мінэйкі валодалі вялікімі мастацкімі і фамільнымі каштоўнасцямі. Пакоі мелі паркет, выкладзены ўзорамі, дэкаратыўную ляпніну, кафляныя печы, каміны. У малым  салоне і ў будуары каміны былі мармуровыя. У найбольш рэпрэзентыўных пакоях паркет быў усланы пярсідскімі дыванамі, са столі звісалі хрустальныя люстры, сцены ўпрыгожвалі бра і вялікія люстры.

Мэбля  ў палац была завезена з Пецярбургу. У малым салоне і ў будуары яна была абцягнута шаўковай тканінай.

Фамільныя партрэты, а таксама рыцарскія даспехі размяшчаліся ў кабінеце ўладальніка. Асобую каштоўнасць мелі збор старадаўняга серабра (сервізы, бакалы, чаркі), калекцыя хрусталя пачатку 18 ст. (чаркі, бакалы, у тым ліку дэкаратыўныя, вазы і многае іншае). У палацы была бібліятэка з кнігамі, у асноўным, на польскай і французкай мовах і сямейны архіў.

Палац стаяў сярод пейзажнага парку плошчай каля 10 га. Яго залажыла Анэлія з Шабуневічаў, жонка Міхала Мінэйкі, яшчэ да ўзвядзення новага палаца. Захаваліся невялікія фрагменты дрэвастою, вадаём з востравам, а таксама часткова – уязныя алеі (ліпавая, бярозавая і кляновая). Гаспадарчыя пабудовы разбураны, за выключэннем невялікай лядоўні, складзенай з бутавага каменя.  Усе гэтыя звесткі пачэрпнуты з кнігі ”Памяць. Астравецкі раён”

А зараз крыху больш  пра знакаміты род – род Мінэйкаў.

Адкуль бярэ пачатак род, невядома. Адзін з даследчыкаў генеалогіі роду дапускае, што  ён  вядзе свой пачатак ад Лукаша Мінэйкі з ХVII ст. Іншы даследчык лічыць, што пачатак трэба шукаць значна раней. І верыць яму ёсць усе падставы, таму што быў ён адным з апошніх уладальнікаў родавага маёнтку Балванішкі (зараз тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі) і меў доступ да сямейнага архіву, які згубіўся падчас Другой сусветнай вайны. Ён лічыў, што пачатак роду трэба шукаць у гадах, папярэднічаючых Польска-Літоўскай уніі 15 стагоддзя. У тай час мелі яны прозвішча Мілэйка і належылі да літоўскай часткі, якая кіравала дзяржавай. Перадаецца з пакалення ў пакаленне думка, што адзін з іх продкаў падпісаў вышэй узгаданую Унію. Магчыма, што мелася на ўвазе Унія Гарадзельская (Horodelska), падпісаная ў 1413 годзе, калі 47 сямей польскіх арыстакратаў прызнала роўнымі сабе 47 літоўскіх сям’яў шляхты.

Даследванне паходжання прозвішча мае две гіпотэзы. Першая – ад імя аднаго з першых прародзічаў Мініята Мінэйка. Гучанне імені Мініят не нагадвае польскае і паходзіць, магчыма, з Сярэднявечча. Той, хто адказваў за чэканку манет, называўся мінцяром. Гэтым жа словам называўся і той, хто збіраў падаткі на карысць караля. Дапускаецца, што продак мог выконваць падобныя абавязкі, за што кароль узнагародзіў яго арыстакратычным тытулам.

Другая версія дапускае, што прозвішча Мінейка можа паходзіць ад старалітоўскага „mineti”, што можна перакласці як “конны, які застаўся ў памяці людзей”.

Мінаў час. І Літва ўсё больш аказвалася пад уздзеяннем культуры славянскай. У выніку чаго да прозвішча  было дададзена тыпова славаянска-рускае заканчэнне –эйка, і прадстаўнікі гэтага роду маглі гаварыць: “Наша сапраўднае прозвішча Мініят, але нас ўжо добра ведаюць у ваколіцах як Мінэйка”

Адзін з сёняшніх прадстаўнікоў роду разам з членамі сваёй сям’і пабудавў разгалінаванае дрэва роду, пачынаючы ад 1620 года, зразумела, дзякуючы таму, што цікавасць да сваіх каранёў тут выхоўвалася  і захоўвалася з пакалення ў пакаленне. У прадмове аўтар піша, што жыццё некаторых прадстаўнікоў роду было надзвычай цікавым. Некаторыя з іх сталі знакамітымі, таму што мелі ўздзеянне нават на ход гістарычных падзей, у часе якіх жылі. Сярод іх такія імёны, як Томаш Мінэйка (1730-1834), Зыгмунд Мінэйка (1840-1925), Генрык Сенкевіч (1846-1916), Георгіес Папандрэо (1888-1968), Андрэас Папандрэо (1919-1996), Ксавэры Пуслоўскі (1906-1998). Іншыя ніякага следу ў гісторыі не заставілі, аднак іх жыццёвы лёс ад гэтага  не стаў менш цікавым для нашчадкаў.

З усяго, як ужо было сказана вышэй, вельмі разгалінаванага дрэва мы выбралі толькі тое, што тычыцца лёсу тых, хто меў адносіны да маёнтку ў Дубніках, які быў дакуплены адной з галін роду ў 1808 годзе, і таго моманту, калі прадстаўнікі гэтага роду перакрыжаваліся з родам Блажэйевічаў.

Досыць  цікава будзе пазнаёміцца з тымі, хто быў гаспадаром у Дубніках, а значыць, вызаве цікавасць у жыхароў Астравеччыны.

Томаш Мінэйка нарадзіўся ў 1730 годзе і памёр у 1834 годзе. Быў жанаты на Пшэсмыцкай. Займаў пасаду старасты stokliskiego, што азначала адказнасць за упраўленне на землях каралеўскіх, пераважна земляробчых, якія знаходзіліся ў даннай частцы каралеўства. Стаў пераемнікам Юзефа Боуффала. Кіраваў жорстка як землеўладальнікамі, так і прыгнечанымі сялянамі, таму што і першыя і другія шукалі справядлівасці  ў судзе праз усе 10 гадоў яго упраўлення за вельмі вялікія падаткі як на сваю карысць, так і на карысць караля.

Быў ён вельмі папулярным палітыкам, нездарма ж быў абраны на сходзе зямельных уладальнікаў у 1785 годзе земскім сакратаром. Быў таксама дэпутатам чатырохгадовага Сейму. Стаў адным з першых членам першай польскай палітычнай партыі – Аб’яднанне сяброў Канстытуцыі 3 Мая. Прымаў удзел як сенатар з Вільна ў прыняцці той самай першай у Еўропе – польскай Канстытуцыі 3 Мая. І кожная асоба, якая была задзейнічана ў стварэнні гэтай канстытуцыі, назаўсёды ўвайшла ў гісторыю Польшчы.

Пасля першага падзелу Польшчы ўспыхнула паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэуша Касцюшкі. Томаш Мінэйка быў актыўным удзельнікам яго, нават быў адным з тых, хто быў абраны ў  органы кіравання паўстанцамі. Калі Літва аказалася ў складзе Расійскай дзяржавы, на сходзе землеўладальнікаў у тым жа Коўне ў 1795 годзе быў выбраны Старшынёй літоўскага зямянства.

У 1808 годзе купіў ад Даўгялы вялікі маёнтак Дубнікі каля Варнян памерам у 6 000 гектараў, які  доўгі час быў найвялікшай родавай маёмасцю.

Меў ён сына Міхала, які быў жанаты на Брыгідзе Шабуневіч, і ў іх нарадзіўся сын, названы ў гонар знакамітага дзеда таксама Томашам.

Нарадзіўся  Томаш, сын Міхала, у 1806 годзе  ў Дубніках і тут жа памёр у 1855 годзе. Быў Маршалкам (значэнне слова ў слоўніку”старшыня сейму або сенату”) аб’яднання зямян Віленшчызны ў 1843 – 1855 гадах. Быў жанаты на  Эміліі Вавжэцкай – дачцэ старшыні Саюза арыстакратараў з раёну Браслаўскага. Гэта жаніцьба прыбавіла заможнаму Томашу яшчэ адзін прыгожы маёнтак Відзэ Ловчыньске, які займаў 3 000 гектараў. У іх нарадзіліся дзеці: Уладыслаў Мінэйка (1832 – 1871), які быў блізкім сябрам Яна Вітольда Тышкевіча, не быў жанаты; далей былі Браніслаў, Аліна, Ванда і Марыя. Ванда Мінэйка пазней стала цёшчай Генрыка Сенкевіча, і дарэчы сказаць, дапамагала знакамітаму зяцю гадаваць дзяцей, так як яе дачка Марыя (дзявочае прозвішча Шаткевіч) памерла вельмі рана, захварэўшы на сухоты.

 Томаш быў вельмі тоўстым чалавекам. Меў прывычку сядзець адразу на трох крэслах, таму што важыў каля 290 (!!!) кілаграмаў, дзякуючы неапанаванаму апетыту. Заўсёды перамяшчаўся на адным і тым жа кані, які быў вельмі прывязаны да гаспадара. Любімым правядзеннем вольнага часу было паляванне на зайцаў. Мёў высока развітае пачуццё гумару і мяккі характар. Акрамя абжорства, меў яшчэ толькі адну дрэнную звычку – іграў у карты. Звычайна іграў  з адным і тым жа сваім прыяцелем-карцёжнікам. Аднойчы, калі ўселіся за ігральным сталом, Томаш смехам прапанаваў: можа, прыяцелю лепш адразу забраць усе прыгатаваныя грошы, бо ён, Томаш,  ўсё роўна заўсёды праігрывае. Сябрук тут жа падхапіў напакаваныя сярэбранымі талерамі торбачкі і пашыбаваў да дзвярэй, жадаючы пераканацца, наколькі  сур’ёзнай была прапанова. Томаш са смехам успамінаў гэты выпадак праз вельмі доўгі час.

Александр Фрэдра (1793 – 1876), знакаміты польскі пісьменнік, быў блізкім сябрам Томаша і часта гасціў у Дубніках, і гэта зрабіла немалы ўплыў на яго творчасць. Уважлівы і дасведчаны чытач твораў гэтага пісьменніка  можа заўважыць, што назіранні за жыццём літоўскай шляхты знайшлі адлюстраванне  ў некаторых з іх.

Вядома таксама, што Генрык Сенкевіч у вобразе галоўнага  героя Заглобы з рамана “Агнём і мячом” ўвасобіў  рысы свайго цесця Казіміра Шаткевіча, жанатага на Вандзе Мінэйка.

Самаго ж Томаша сучасны польскі пісьменнік Тадэвуш Канвіцкі апісаў у сваім  творы “Польскі комплекс” як героя паўстання 1863 года. У ім ён паказаны ідэальным героем у барацьбе за незалежнасць Польшчы. Пішучы ў 40-ых г.г. аб намаганнях захаваць незалежнасць Польшчы цяпер ужо ад нямецка – фашысцкіх акупантаў, Канвіцкі  рысуе вобраз героя, вельмі падобнага на Томаша  Мінэйку.

Напэўна, апошнім яркім прадстаўніком гэтага роду, які нарадзіўся ў Дубніках, быў Юзаф Мінэйка. Нарадзіўся 22 сакавіка 1879 года. Пачатковую адукацыю атрымаў дома. Гімназію закончыў у літоўскім Панявежысе, затым вучыўся ў прыватнай школе ў Варшаве, а дыплом атрымаў у Рыжскім палітэхнічным інстытуце як банкаўскі спецыяліст. У 1905 годзе разам з жонкай расіянкай Наталляй Матвеяўнай Машэўскай пераехаў у Дубнікі, дзе жыў там некаторы час. Але, маючы вельмі шырокі светапогляд, ён не мог так доўга быць без справы. І Юзаф Мінэйка пераяжджае ў Вільню, дзе становіцца адным з закладальнікаў Сумеснага Віленскага банка, а яго дырэктарам заставаўся аж да 1917 года. З’яўляўся таксама Прадстаўніком Першай Расійскай Страхавой кампаніі. Пасля Другой сусветнай вайны разам з сям’ёй пасяліўся ў Варшаве, і ў Дубнікі яны прыязджалі толькі на час летняга водпуску. Яшчэ доўгі час працаваў гэты выдатны фінансіст у многіх банках Варшавы. Памёр у 1970 годзе.

Такім чынам, дзякуючы таму, што прадстаўнікі старажытных родаў на працягу ўсяго жыцця захоўвалі памяць аб сваіх каранях, перадавалі іх з пакалення ў пакаленне, ганарыліся лепшымі з іх, ставілі ў прыклад іншым, мы сёння можам запомніць вакуум гістарычнай памяці на нейкім адрэзку развіцця нашай мясцовасці. Акрамя таго, мы зараз сабе добра ўсведамляем, што тыя маёнткі і палацы, якімі яны валодалі, напэўна ж, маглі б сёння намнога лепш выглядаць, каб праз многія дзесяцігоддзі не панавалі у нашай дзяржаве  адносіны да іх як да ўласнасці эксплуататараў і кравапійцаў народных. Сядзібе ў Дубніках, прынамсі, сценам, пашчасціла захавацца да нашых дзён толькі таму, што на працягу досыць вялікага часу там знаходзіўся дом-інтэрнат для людзей з адхіленнямі ў псіхіцы. Зараз ён знаходзіцца яшчэ ў горшым стане, таму што пустуе. Таму трэба неадкладна нешта рабіць з гэтай сядзібай, хоцьбы звярнуўшыся да сёняшніх далёкіх нашчадкаў гэтага роду, раскіданых па ўсім свеце, за матэрыяльнай дапамогай на рэканструкцыю  і надання другога жыцця гэтай сапраўдны мемарыяльнай пабудове.

Задворнікам пашчасціла больш. Размяшчэнне ў сядзібе Дома паляўнічага і стварэнне побач гадавальніка дзікіх жывёл вярнула яе да другога жыцця.