Гудагай у час Вялікай Айчыннай вайны
Вялікая Айчынная вайна таму і названа Айчыннай, што не аставіла не закранутай ні адну мясцовасць і ні адну сям’ю.
Вялікая Айчынная вайна ў нашых мясцінах пачалася з таго, што нямецкія самалёты скінулі бомбы на станцыю Гудагай і чыгуначны мост праз раку Лоша.
Гудагай і наваколлі 21 ліпеня 1944 года. На здымку пазначаныя: 1 - будынак вакзала станцыі Гудагай, 2 - лабаза.
Кадр нямецкай ваеннай аэрафотаздымкі. Вышыня палёту - 8300 м.
Аднак у час вайны на нашых тэрыторыях амаль не было ваенных дзеянняў. Толькі на тэрыторыі пасёлка быў размешчаны ў памяшканні мясцовай школы-сямігодкі лагер для савецкіх ваеннапалонных, у якім немцы за час яго існавання ўтрымлівалі і загубілі прыкладна 300 вязняў.
Як вядома, адно з самых страшных злачынстваў фашызма – генацыд. З-за наяўнасці чыгункі сталі сведкамі нашы продкі яшчэ аднаго трагічнага факта той вайны. Напрыканцы 1942 года (“Сняжок прыцерушыў зямлю,” - расказвала жанчына 1925 года нараджэння) на ўскрайку лесу за хутарам Чубэйка немцы расстралялі цыганоў. Колькі іх было, ніхто сёння дакладна не скажа. “Але яма была шырокая, а непадалёк знайшлі характэрны цыганскі збан”, - расказвала тая ж сведка. А праз некалькі месяцаў, ужо летам адбылося такое ж здарэнне, толькі па другі бок чыгункі каля вёскі Дайноўка.
Наш населены пункт пацярпеў толькі ў час вызвалення. Ад снарадаў загарэліся страхі некалькіх дамоў, а ад іх зайшліся агнём іншыя. І ў адзін дзень у Гудагаі тады згарэла 19 дамоў з 39.
Вядома, не толькі гэтыя факты гаворыць аб тым, што перацярпелі нашы землякі ў той час ліхалецця. Пайшлі ваяваць і не вярнуліся дамоў 6 нашых аднавяскоўцаў.
Многія, хто атрымаў пазней статус ветэрана (а іх было 38), засталіся інвалідамі або назаўсёды страцілі здароўе. Тыя, хто заставаўся ў вёсцы, пазналі голад і страх. Таму нават праз 72 гадоў жыве ў памяці землякоў павага да тых, хто адстаяў тады мір.
Гудагайцы - ветэраны Вялікай Айчыннай вайны |