Мастакі зямлі гудагайскай

  

Леў Дабжыньскі

Алег Драбышэўскі


                       

              

Мастак Леў Дабжыньскі – гонар зямлі гудагайскай

 

Імя мастака Льва Дабжыньскага цэлыя 50 гадоў зусім не гучала ў свеце. Яго лёс - тыповы лёс інтэлегента пераломных часоў гісторыі. Ён пражыў кароткае жыццё: усяго 30 гадоў. Але за такі кароткі жыццёвы адрэзак ён паспеў вельмі многага дасягнуць. Нарадзіўся 24 снежня 1907 г. у Пецярбургу. Як вядома, гэта быў час рэвалюцый і войнаў, і таму сям’я нейкі час вандруе. Спачатку да 1915 г. разам з бацькамі жыве ў Лошы. Затым у 15 годзе зноў аказваецца ў Расіі. Калі гаварыць пра бацькоў будучага мастака, то трэба адзначыць, што маці была далёкай сваячкай Льву Талстому. Адукацыю атрымала музычную, была добрай піяністкай, спявала ў оперы.

Бацька - Віктар Дабжыньскі быў сынам царскага сенатара Антоні Дабжыньскага. У свой час закончыў юрыдычны факультэт. Яго маці, Марыя Дабжыньская, набыла 3 маёнткі на Віленшчыне, сярод якіх была і Лоша з вялікімі зямельнымі ўгоддзямі - 502 гектары, але сярод іх было 300 неапрацаваных: пяскі, курганы. У маёнтку быў вялікі дом, млын, свая карчма. Тут, у Лошы, сустрэліся Марыя і Віктар, закахаліся адзін у другога. Леў пісаў, што ў 1922г. бацька быў арыштаваны бальшавікамі і з сям’ёй больш не жыў.

Неардынарная як асоба была і малодшая сястра Льва, Надзея. Яна нарадзілася ў 1919г. Менавіта з яе ўспамінаў паўстае жывая постаць мастака з Лошы. Надзея адзначала, што талент Лёвы, як яго называлі ў сям’і (дарэчы сказаць, да сённяшняга дня кожнае новае пакаленне гэтага роду абавязкова мае прадстаўніка з іменем Леў - у гонар Льва Талстога). Так вось, талент Лёвы праявіўся вельмі рана. Надзея ўспамінала, што па ўсяму дому былі раскіданы аркушы паперы з графічнымі і акварэльнымі замалёўкамі брата. Кожны дзень служанка-пакаёўка выносіла цэлыя стосы  змаляванай паперы. Калі прадоўжыць расказ пра Надзею, то трэба дадаць, што пасля 2-ой сусветнай вайны яна з маці аказалася ў Польшчы. Атрымала медыцынскую адукацыю, пачатую яшчэ  ў Вільні, стала ўрачом - эндакрынолагам у педыятрыі.

У нас экспануецца некралог, надрукаваны у дзень смерці Надзеі. Тут пералічваюцца яе галоўныя дасягненні ў навуцы і заслугі перад грамадствам. Побач змешчана кніга, якая сведчыць, што жанчьна гэта была таленавітай, як і яе брат. Кніга «Як ведзьма Агрыпіха знахарству мяне вучыла» носіць аўтабіяграфічны характар - напісана на аснове ўспамінаў дзіцячых гадоў. Яе галоўная гераіня - знахарка Агрыпіха - жыла ў Лошы, лячыла людзей зёлкамі, рабіла людзям дабро, а вяскоўцы лічылі яе ведзьмай. Свае веды, свой знахарскі вопьгг (як збіраць траўкі, як іх зберагаць, правільна карыстацца,  адрозніваць карысныя ад шкодных) яна перадае маладой дзяўчынцы - у ёй бачым аўтарку кнігі, пазнейшую лекарку, якая ў сваёй практыцы не раз выкарыстоўвала лекі і замовы, якім навучылася ад беларускай «ведзьмы».

А вось Леў, пачаўшы адукацыю дома, затым атрымаў гімназічны атэстат, закончыўшы гімназію імя Іахіма Лелявеля ў Вільні ў маі 1929г. I ў тым жа годзе становіцца студэнтам Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя на мастацкім факультэце. Як сведчаць вось дакументы, там ён вывучаў рысунак у прафесара Кубіцкага, жывапіс - у Фердынанда Рушчыца, гісторыю - прафесара Клоаса і атрымліваў высокія адзнакі: «добра», «вельмі добра». I толькі такі прадмет, як кампазіцыя, ацэнены адзнакай «дастаткова».

У 1936г. заканчвае універсітэт, атрымаўшы дзяржаўную стыпендыю на стажыроўку ў Парыж. Ён адзіны са студэнтаў усёй Рэчы Паспалітай таго часу, хто атрымаў такую высокую  адзнаку свайго майстэрства. Але вось тут і пачынаецца трагедыя. За свой кошт павінен быў даехаць да Парыжа, і калі звярнууся да маці з просьбай даць яму грошай на дарогу, то ў адказ пачуў, што  грашыма распараджаецца яе эканом - пан Расальскі. Мясцовыя жыхары ўспамінаюць аб гэтым чалавеку, як прыгажуне, якому ўдалося пакарыць сэрца пані Дабжыньскай. Меў ён згубную звычку: быў заядлым карцёжнікам, і вялікая частка фінансавых сродкаў пані Дабжыньскай была праіграна ім у Вільні. Напярэдадні трагедыі Льву было адказана ў патрэбных грошах. Дарослы сын пані Дабжыньскай паабяцаў, што назаўтра ён звернецца ў паліцыю для высвятлення абставін знікнення грошай. Але заўтра для Льва не наступіла: раніцай яго знайшлі мёртвага ў ложку, а побач ляжаў пісталет. Як успамінаюць сведкі, 5 дзён паліцыя спрабавала дакапацца да праўды, але пані Дабжыньская баялася абвінавачвання ў свой адрас, і Леў быў пахаваны за агароджай капліцы як самагубца.

3 успамінаў Надзеі Бітэль-Дабжыньскай вядома, што досыць замкнуты па натуры Леў, аднак,  меў  шмат сяброў.

Дом Дабжыньскіх у Лошы ў 30-я гады наведвала нямала знакамітых людзей. Менавіта яны пасля смерці маладога мастака сабралі ўсё напісанае ім і арганізавалі першую выставу яго твораў. У школьным музеі дэманструецца каталог гэтай пасмертнай выставы. У ёй значыцца 149 назваў карцін. Напэўна, сярод іх былі і тыя,  рэпрадукцыі якіх дэманструюцца  ў нашым музеі.Чаму мы гаворым напэўна? Таму што ні адна з іх не мае назвы. Мы можам толькі здагадвацца, як яны былі названы самім мастаком.

Наогул, гісторыя жывапісных палотнаў мастака трагічная. Пасля смерці сына пані Дабжыньская з малодшай дачкой былі ў 1939г сасланы ў Сібір, і ўсе карціны былі перададзены на захаванне знаёмаму чалавеку ў Вільні. 3 сабой маці ўзяла альбом з алоўкавымі замалёўкамі сына,  які  зберагла праз увесь час сібірскай ссылкі.

 

Частка гэтых эскізаў перададзена ў Лошскую  бібліятэку, у тым ліку і партрэт самой Надзеі Бітэль-Дабжыньскай. А вось з усяго мноства карцін, што былі перададзены на захаванне (прафесар Адам Мальдзіс чуў ад самой Надзеі, што іх было больш за 300), пасля вайны знайшлося толькі 12. На  фотаздымку мы бачым ужо пажылую Надзею ў сваёй гданьскай кватэры ў Польшчы, дзе на сценах вісяць карціны брата. А вось ён і сам перад намі на аўтапартрэце. Мы адзначаем некалькі рамантычны характар манеры мастака. Калі з фотаздымка глядзіць круглатвары, цемнавалосы хлопец, то з аўтапартрэта праз дзесяцігоддзі будзе глядзець на ўсё новых наведвальнікаў музея мастак-рамантык з вялікімі вачыма і высока ўзнятай галавой.

Хочацца паведаміць яшчэ пра тое, як фатакопіі карцін мастака трапілі да нас у музей. У 2004 годзе, прывез нам іх вось у гэтым выглядзе, у гэтых прыгожых рамках, з польскага горада Гданьска пляменнік Л.Дабжыньскага, сын Надзеі Бітэль-Дабжыньскай Яцэк Бітэль. Гэтай падзеі папярэднічала даўгагадовая перапіска з гэтым нашчадкам карцін, а таксама поспеху садзейнічала тое, што за гэту справу ўзялася прафесар Гданьскага універсітэта Хэлена Глагоўская. Польскую старану настарожвала тое, што цікавасць да мастака ўзнікла так позна, праз столькі  гадоў пасля яго смерці. Але яе, гэтай цікавасці, наогул магло бы і не быць, калі б не прафесар Мальдзіс. Менавіта ён вярнуў Астравеччыне гэта імя. Ён ездзіў у Гданьск, вёў перамовы, уцягваў у пошук усё большае кола людзей.

I вось перад намі частка таго, што засталося ад спадчыны мастака. Бачым гарадскі і вясковы пейзажы пачатку 20 стагоддзя.

У гэтай гарадской вуліцы можна пазнаць віленскі пейзаж. Глядач разам з мастаком стаіць нібы на супрацьлеглым баку ракі і знізу разглядае касцёл, дамы, што цесна стаяць абапал, і толькі ў апошні момант заўважае людскую постаць. На павароце рачулкі чалавек балансуе з вядром, стоячы на слізкім камяні. Карціна выглядае наогул змрочнай, пераважае шэрань, цёмна-сіняя гама колеру. Напэўна, кожны адчуе нейкі непакой або незадаволенасць, тугу або нават адчай мастака, які пісаў гэты гарадскі пейзаж.

А побач яркая сінь вёсачкі пачатку стагоддзя: нізкі доўгі вясковы будынак, крыты саломай, за ім прасвечваюцца наступныя. Але ўсё гэта бачыш міжволі, галоўнае ж - снег. Ён такі чысты, глыбокі, лёгкі, ён паўсюдна: на зямлі, на дахах, на дрэвах. I аднолькава некрануты. Здаецца, што вось-вось апусціцца змрок на вёску, але сляды дзённага жыцця засталіся на карціне. Вось гэты глыбокі раўнюткі след за домам сведчыць пра тое, што не замерла жыццё ў вёсцы. Але след гэты не сапсаваў адчування цішыні і супакою, што так і вее ад мастацкага палатна.


 

Прыгледземся да  летнега вясковага пейзажа. Тыя ж вясковыя хаты, але выпісаны яны больш дэталёва. Цесна ім у вёсачцы. Але гаспадары, відаць, руплівыя людзі, і сведчаць аб тым збудаваныя і прылепленыя цесна адзін да другога буданчыкі. Не адчуваем мы радасці, але пачуццё ўпэўненасці не пакідае гледача. Колеравая гама неяркая, аднак поўная жыцця - цёмна-чырвоны, змяшаны з бардовым, карычневым, ледзьве ўлоўным ружовым робіць карціну цёплай.

Зусім іншым настроем перапаўняецца глядач, звярнуўшыся да наступнай  карціны. На ёй - векавыя сосны, бор, перапоўнены таямніцамі і трывогай. Відаць, нямала бур на сваім вяку бачылі гэтыя сосны, нездарма ж так паламаны іх сукі і так бязлітасна выставіў іх напаказ мастак! Але стаяць яна шчыльна, дружна, і кожнаму ясна, што пераадолеюць яны яшчэ многае.

 

Самым загадкавым падаецца апошні  твор. Зразумела, што ў ім мастак выразіў сваё мастацкае крэда, сваё разуменне мастацтва, яго прызначэнне. Перад намі вобразы-сімвалы: скрыпка са смычком, буйныя пацеркі караляў і маска з не вельмі цвёрдага матэрыялу - канцы яе угнуліся ўнутр. I ўсё. Яшчэ фон. Цёмны, зноў змрочны. Зноў адсутнічае свет. Усё нібы прыглушанае. Але чаму менавіта гэтыя сімвалы ўзяты мастаком - для нас пакуль што загадка.

 

Так, патрэбны ацэнкі спецыялістаў-мастацтвазнаўцаў, каб глыбока зразумець сэнс мастацкай спадчыны нашага таленавітага мастака. Але і тыя водгукі, што чулі мы ад удзельнікаў пленэра, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння Л.Дабжыньскага, і сам факт накіравання мастака на стажыроўку ў Парыж, гавораць аб яго таленце. А экспрэсіянізм яго палотнаў, што было адметнай рысай творчасці многіх мастакоў на пачатку 20 стагоддзя, так і б’е з кожнай яго карціны.

Такім чынам, толькі на адным  прыкладзе  мы можам гаварыць аб непаўторнасці нашай малой Радзімы - зямлі гудагайскай.


 

Алег Драбышэўскі

                          

Беларускі мастак-пейзажыст – былы вучань Гудагайскай васьмігадовай школы

Праспяваю я карціну,

Нібы верш. Ціха ўпотай памалюся

Толькі перш...

      Бо карцінкі,

Як іконкі,-

      Не грашу!-

Асвятляюць, нібы зоркі,

Боль - душу.

   

Гэты ўзнёслы верш напісала Таіса Трафімава, беларускі паэт, пад уражаннем  выставы мастака. Гэта эмацыянальная характарыстыка датычыцца і ўсіх твораў мастака. Кожны пейзаж, напісаны Алегам Аляксандравічам, адчуваецца рознымі людзьмі   па-свойму, але несумненна, што гэта будуць толькі добрыя, толькі станоўчыя пачуцці. Прафесіяналы ахарактарызавалі яго творчасць як “прасветла-чыстае мастацтва”, а стасункі з яго карцінамі перапаўняюць душу пачуццём светлай, чыстай радасці, гонару за сваю Радзіму, усведамленнем яе непаўторнай прыгажосці. Мастак у простым знаходзіць адметнае, а прырода на яго палотнах паўстае жывою.
 

Нарадзіўся Алег Драбышэўскі 1 студзеня 1953 года ў вёсцы Табарышкі, якая сёння з’яўляецца адной з вуліц пасёлка Гудагай і якую мастак увекавечыў у карціне “Родны кут. Гудагай. Табарышкі”,  а аўтарская копія гэтай карціны робіць гонар нашаму музею.
 

З першага па восьмы клас Алег вучыўся ў Гудагайскай школе і, як успамінаюць, ужо тады вылучаўся сярод вучняў мастацкімі здольнасцямі. Былая піянерважатая школы Эла Мікалаеўна Ажгірэвіч расказвала, што ён намаляваў графічны партрэт Алега Кашавога, імя якога насіла піянерская дружына. Той партрэт доўгі час вісеў у піянерскім пакоі і здзіўляў наведвальнікаў сваёй бездакорнай  тоеснасцю з партрэтам, надрукаваным у нейкім выдавецтве.  
 

Затым сям’я пераехала ў Астравец. Гэта быў ужо 1969 год. Атэстат аб сярэдняй адукацыі Алег Драбышэўскі атрымаў у Астравецкай школе. Таленавіты юнак прадаўжае шукаць сябе. У гэты час ён знаёміцца з Віктарам Александровічам, зараз вядомым  ў Беларусі мастаком-графікам, які ў той час   жыў у Астраўцы. Пад  ўплывам Александровіча  ён спрабуе сябе ў стварэнні скульптур. З  копій фотаздымкаў у музеі глядзяць на нас творы, выкананыя 16-17-гадовым юнаком. Адна з іх, па словах самаго аўтара, незакончаная скульптура пад назвай “Кампазіцыя”, экспанавалася на абласной выставе, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння правадыра рускай рэвалюцыі У.І.Леніна. Але так склалася, што таленавітаму выпускніку з раённага цэнтра не хапіла балаў для паступлення на мастацкі факультэт у сталічнай установе.
 

Свет прыгожага Алег прадаўжаў  пазнаваць на філалагічным факультэце БГУ. Адначасова ён наведваў заняткі ў  студыі Тэатральна-мастацкага інстытута ў Мінску, дыплом аб заканчэнні яе ён таксама атрымаў.  Пазней, у 1985 годзе, ў Мінскім педінстытуце Алег Аляксандравіч атрымаў грамадскую прафесію кіраўніка выяўленчай студыі і мастака. На базе Інстытута ўдасканалення настаўнікаў з 1988 па 1990 гг прайшоў курс навучання ў пецярбургскіх мастацтвазнаўцаў па спецыяльнасці “сусветная мастацкая культура”.
 

Як бачым, Алег Драбышэўскі мэтанакіравана ідзе да рэалізацыі дадзенага яму Богам таленту. Нам здаецца, што менавіта гэты факт падштурхнуў мастацтвазнаўцу Галіну Багданаву напісаць у рэцэнзіі на выстаўку Драбышэўскага вось такі радок: “Мужнасць чалавека вызначаецца па тым, наколькі ён спраўдзіў свой лёс”. На працягу ўсяго жыцця, дзе б ён ні знаходзіўся,  адчуваў сябе мастаком – чалавекам, датычным да духоўнасці. Але нам здаецца, што сам лёс даваў  А.Драбышэўскаму шанс духоўнага ўзбагачэння. Не ўсе ведаюць, што ў студэнцкія гады Алег жыў у адным пакоі ў інтэрнаце з Міколам Мятліцкім, зараз вядомым беларускім паэтам.  Сяброўства з такім чалавекам не магло не прыбавіць  зоркасці ў светаўспрыманні, у пашырэнні сувязяў з людзьмі ад мастацтва.
 

У нашым музеі захоўваецца аўтарскі экзэмпляр верша Міколы Мятліцкага з яго аўтографам. Цікавая гісторыя яго напісання. Да дня ўручэння паэту Дзяржаўнай прэміі мастак намаляваў карціну “Хата маленства”, на якой паўстала бацькоўская хата Мятліцкага. Па-сапраўднаму дзіўна гучыць той факт, што Драбышэўскі не бываў на Радзіме паэта, а значыць,  і хату тую не бачыў. Толькі слухаў расповяды паэта ды, магчыма, фотаздымак які бачыў. А бацькоўскі   дом паэта на той час застаўся за калючым дротам у чарнобыльскай зоне... Зразумела, чаму столькі радасці прынёс паэту менавіта  гэты падарунак.  “Хату маю мастак намаляваў жывою”,- так ацаніў  у вершы  паэт карціну.
 

З 1990 года мастак Драбышэўскі жыве і працуе ў Мінску. З вялікім поспехам і шырокім рэзанансам прайшлі персанальныя выстаўкі мастака ў родным Астраўцы, Маладзечна , Заслаўі і многіх іншых гарадах нашай краіны і  нават за яе межамі. Хочацца спыніцца на гісторыі заслаўскай выставы, час правядзення якой супаў з Першым усебеларускім фестывалем камернай музыкі. Міхаіл Фінберг якраз шукаў месца для яго правядзення, калі трапіў у Заслаўе,  і тут жа прыняў рашэнне, што выстава карцін Драбышэўскага будзе якраз тым фонам, які будзе гарманіраваць з узнёслымі гукамі камернай музыкі.
 

Народны пісьменнік Беларусі Іван Пятровіч Шамякін у свой час напісаў: “Мяне яго карціны прывялі ў захапленне. Я ўсё-такі рэаліст, і гэтыя сучасныя стылі, сучасную моду не вельмі прымаю. А такія вось рэалістычныя пейзажы Алега Драбышэўскага проста кранаюць за сэрца. Хоць яны і напісаны на Астравеччыне, але тут паўстае абагульнены вобраз Радзімы. Думаю, што ў яго яшчэ ўсё наперадзе і  яшчэ будзе створаны не адзін твор, які ўзбагаціць наша мастацтва выяўленчае і нашу культуру ўвогуле”.
 

У выдавецтве “Тэхнапрынт” выйшаў альбом твораў А.Драбышэўскага, дзе прадстаўлены  пейзажы аўтара: “Над Лошай”, “Двор маленства”, “Астравец. Кладка Зарэцкіх” і многія іншыя. Альбом знаходзіцца ў каталогах Нацыянальнай і Прэзідэнцкай бібліятэках  Рэспублікі Беларусь, у шэрагу галоўных краін Еўропы і ЗША. Творчая дзейнасць мастака шырока асвятлялася як ў нашай раённай газеце, так і абласных, і рэспубліканскіх выданнях.
 

Галоўнымі рысамі творчасці А.Драбышэўскага з’яўляюцца непасрэднасць успрымання прыроды, лірызм і тонкасць увасаблення яе прыгажосці. Мастаку ўдаецца дасканала перадаць каляровую гаму і  дэталі, што робіць яго карціны арыгінальнымі, непаўторнымі. Мастак верны рэалістычным традыцыям класічнага выяўленчага мастацтва, у рэчышчы якога і вядзе свой творчы пошук.  
 

А той факт, што ён супрацоўнічае з нашай школай, наведвае яе нярэдка, станоўча ўплывае на фарміраванне светапогляду нашых вучняў, усяляе ў іх упэненасць у тым, што зямля гудагайская сапраўды шчодра родзіць таленавітых людзей.
 

Пейзажны жывапіс.

                                

 

Графіка.

                                 

 

Апошнія творы.