Школьны музей у сродках масавай інфармацыі
Спадчыну сваіх землякоў зберагаюць вучні і настаўнікі
Статус народного присвоен музею Гудогайской средней школы.
Што вядома пра палонных гудагайскага падраздялення "Шталаг 342".
В Гудогайской школе прошла неделя белорусского языка.
Асветніцкая і выхаваўчая магчымасці школьнага музея.
Памятаем, пакуль ёсць экспанаты.
Патрыётам быць, свой край любіць.
Праект Гудагайская школьнага музея прызнаны лепшым у рэспубліцы
“Астравецкая праўда”, Пятница, 22.04.2016 08:27.
Хутка абноўлены школьны музей Гудагайскай школы будзе адзначаць сваю першую гадавіну. І калі да нядаўняга часу мы чулі толькі захопленыя водгукі аб яго дзейнасці, то нядаўна давялося выслухаць і крытыку. “Не ўсё ў афармленні экспазіцыі музея гарманічна спалучаецца. У прыватнасці, этнаграфічны збор не ўпісваецца ў сучаснае афармленне іншых раздзелаў,” – зрабілі нам заўвагу. І прапанавалі: раз у школе няма магчымасці выдзеліць асобнае памяшканне пад экспанаты, што “дзясяцігоддзямі збіраюць пыл”, то іх лепш закансерваваць, пакласці ў запаснікі…
У адказ на нашы пярэчанні аб фарміраванні гістарычнай самасвядомасці, пазнанні сваіх каранёў наш апанент безапеляцыйна заявіў: няма патрэбы, каб у кожнай школе стаялі калаўрот, збанкі ды драўляныя маслабойкі – яны ёсць у экспазіцыях тых музеяў, якія прысвечаны менавіта этнаграфіі, і гэтага дастаткова.
На першы погляд, слушнае меркаванне. Але ці зможа кожны клас, напрыклад, нашай Гудагайскай школы наведаць музей Альхоўскай ці Кямелішкаўскай школы? Гэта па-першае. А па-другое, ці заўсёды з першага прагляду ўсё заўважаецца і ўсведамляецца? Ці аб усім можна расказаць падчас адной экскурсіі?
Канешне, цудоўна было б, каб у нас нарэшце з’явіўся раённы музей, дзе ў прасторным памяшканні навукова абгрунтавана, у храналагічнай паслядоўнасці былі б размешчаны рэчы, якімі карысталіся нашы продкі, каб можна было ўявіць іх жыццё. Не ў падручніку прачытаць, а сваімі вачыма пабачыць, якімі прыладамі працы яны карысталіся, даведацца, якімі майстрамі былі нашы прапрадзядулі і прапрабабулі, калі ў хатніх умовах з выкарыстаннем прымітыўнага абсталявання маглі вырабляць усё неабходнае для жыц ця. Але гэта, на жаль, пакуль толькі мары.
Нядаўна ў нашым музеі з’явіліся кросны. Яны былі нам даўно абяцаныя, але не было для іх месца. Давялося іншым рэчам пацясніцца – і ткацкі станок заняў сваё месца сярод этнаграфічных экспанатаў, выклікаючы пытанні ў наведвальнікаў-вучняў: а што гэта? А для чаго?
І гаспадыня кроснаў, жыхарка вёскі Кністушкі Ганна Браніславаўна Шукель, не словамі, а справай адказвае на гэтыя пытанні: яна праводзіць майстар-клас для вучняў пачатковых і сярэдніх класаў нашай школы.
Ганна Браніславаўна нарадзілася ў вёсцы Гіры ў шматдзетнай літоўскай сям’і ў перадваенны час. Вучыцца ў школе доўга не прыйшлося – трэба было асвойваць прафесію, каб дапамагаць сям’і. Спачатку вучылася шыць у майстра ў Вільні, і гэта ўменне спатрэбілася ёй у жыцці (на працягу многіх гадоў абшывала вяскоўцаў, працуючы ў “бытоўцы”). Сапраўднае майстэрства прыйшло, калі асвоіла работу на ткацкім станку.
…Не прывучаная да доўгіх размоў майстрыха, сеўшы за кросны, паказала, як трэба ткаць, што рабіць, каб тонкая нітка стала трывалым палатном. І тут жа запрасіла ахвочых паспрабаваць сябе ў гэтай справе – зразумела, што жадаючыя знайшліся. І ў дзяўчатак, што вучыліся адрозніваць уток ад асновы, не ўзнікала пытання, навошта ў школьным музеі кросны…
Наша этнаграфічная экспазіцыя абмежавана і колькасна, і якасна: зборам калекцыі ў школе заняліся толькі напачатку ХХІ стагоддзя. Таму было вырашана наведаць Бабраўніцкі музей-бібліятэку – чулі, што павучыцца ды падзівіцца там ёсць чаму.
І сапраўды. Якое ж там багацце, якія ўнікальныя рэчы сабраныя! “Астравецкая праўда” час ад часу змяшчае захоплена-ўдзячныя водгукі наведвальнікаў музея – але ні з чым не параўнаць стан, калі сам паглыбляешся ў гэты свет даўніны. Вышыванкі, тканыя дываны і ручнікі, абразы, адзенне, мэбля, прадметы хатняга ўжытку, лапці і лыка для іх, плеценыя “чамаданы”, прымусы чатырох разнавіднасцяў, вялізныя кросны – такія, напэўна, не ў кожнай вёсцы былі, лён – беларускі шоўк…
Дзецям спачатку слухаць гаспадыню бібліятэкі-музея было цяжка – ім хацелася ўсё разгледзець, да ўсяго дакрануцца. І толькі крыху супакоіўшыся, з задавальненнем слухалі яны аповед Зоф’і Іосіфаўны Комар аб сабранай калекцыі, які густа перамяжоўваўся мясцовымі паданнямі ды ўспамінамі пра мясцовых жыхароў – уладальнікаў рэчаў.
Дзякуй вам, Зоф’я Іосіфаўна, за апантанасць і адданасць сваёй справе! Пабачыўшы ваша беражлівае стаўленне да кожнай рэчы, мясцовы люд пачаў дапамагаць у фарміраванні музейнай экспазіцыі – і зараз колішні будынак васьмігадовай школы запоўнены багатай этнаграфічнай калекцыяй – лепшай у нашым раёне няма! Гэта зразумела нават недасведчанаму.
Як і тое, што сёння гэтая калекцыя пад пагрозай знішчэння. Як вядома, нават камень рэагуе на перапады тэмператур – а будынак Бабраўніцкай бібліятэкі з яе ўнікальнай калекцыяй у асноўным драўляных і тканых экспанатаў не ацяпляўся ні ў снежні, калі мы туды наведаліся, ні ў пачатку студзеня, калі бібліятэкар-экскурсавод ужо не магла ў час зімовых канікул прымаць дзіцячыя экскурсіі з-за экстрэмальна нізкай тэмпературы ў памяшканні. Асыпаецца тынкоўка з даўно не рамантаваных сцен, экспанаты нема крычаць, што не месца ім тут, што ратаваць іх трэба!
Прадметы народнага побыту – частка этнакультуры. Без яе ведання няма адметнасці ў народа. Не зможа вырасці сапраўдны грамадзянін Беларусі, які не ведае гісторыі сваёй краіны. І школьных урокаў гісторыі, нават суперсучасных, для гэтага недастаткова.
——————————————-
Марыя Васілёнак, кіраўнік музея Гудагайскай СШ.
В Гудогайской школе прошла неделя белорусского языка
“Астравецкая праўда”, Суббота, 27.02.2016 15:00.
«Рускай мове дай разгрузку – гавары па-беларуску!» – пад такім дэвізам прайшоў у Гудагайскай школе тыдзень беларускай мовы. Ён папярэднічаў Дню роднай мовы, што адзначаўся ва ўсім свеце ў мінулую нядзелю.
Гудагайская школа, як і большасць вясковых, – беларускамоўная. Але ў міжасабовых стасунках па-за ўрокамі вучні і настаўнікі часцей за ўсё размаўляюць па-руску, у лепшым выпадку – на “трасянцы”: беларуская мова даўно перастала быць “матчынай” нават для вясковых школьнікаў, бо іх бацькі, як і большасць насельніцтва нашай краіны, на жаль, гаворыць па-руску. І таму заклік, з якім выступілі арганізатары тыдня, а найперш – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Мікалаеўна Жалток, стаў для многіх спробай адчуць смак роднага слова не з падручніка, а ў паўсядзённых стасунках.
Але не толькі размовамі на ўроках і перапынках абмежаваліся мерапрыемствы тыдня – былі яны шматлікімі і разнастайнымі. Школьнікі нават паспрабавалі агучыць па-беларуску Пушкіна: паставілі на школьнай сцэне ўрыўкі з “Яўгенія Анегіна” і “Цыганоў” – аказалася, што “сонца рускай паэзіі” цудоўна “ззяе” і на беларускай мове.
А заключным мерапрыемствам тыдня стала сустрэча школьнікаў з тымі, для каго беларуская мова – прафесія і неад’емная частка жыцця. Атрымала такое запрашэнне і я – і прыняла яго з вялікай удзячнасцю. А маёй калегай на гэтай сустрэчы стала актыўны пазаштатны аўтар “Астравецкай праўды”, ветэран педагагічнай працы, паэтка, спявачка, мастачка Людміла Іванаўна Кухарэвіч.
Школьнікі добра падрыхтаваліся – гэта выявілася не толькі ў цудоўна аздобленай у беларускім стылі сцэне, у адпаведнай кніжнай выставе і пранікнёных словах вядучых. Аказалася, цэлы тыдзень яны збіралі пытанні для гасцей і складвалі іх у своеасаблівы “чароўны куфэрак”.
Куфэрак аказаўся і сапраўды чароўным, бо падрыхтаваныя вучнямі і настаўнікамі пытанні прымусілі не толькі ўзгадаць былое, але і пакорпацца ва ўласнай душы, каб быць перад даверлівымі вачанятамі, які чакалі адказу, шчырым і праўдзівым.
Што дае чалавеку мова? Што дае руская, а што – беларуская? Чым адрозніваецца чалавек, які проста піша вершы ці апавяданні, ад паэта ці пісьменніка? Ці можна стаць пісьменнікам шляхам якіх-небудзь спецыяльных намаганняў? Што вас больш за ўсё здзіўляе ў беларускіх людзях? Што такое каханне?
На такія цікавыя, часам філасофскія пытанні і адказваць было цікава – школьнікам, а найперш – сабе. Таму не дзіва, што размова атрымалася цёплай і шчырай. А цудоўным мастацкім аздабленнем для яе сталі беларускія песні ў выкананні Ірыны Мікалаеўны Жалток і Людмілы Іванаўны Кухарэвіч.
А напрыканцы нас запрасілі ў абноўлены школьны музей “Зямля гудагайская”, які ўражвае сваёй насычанасцю, грунтоўнасцю, дакладнасцю, разнастайнасцю. Можна толькі захапляцца той неймавернай працай, якую правялі яго шматлікія стваральнікі на чале з нястомнай Марыяй Карлаўнай Васілёнак. Дарэчы, у гэтым музеі адбылася цікавая сустрэча Людмілы Іванаўны Кухарэвіч са сваімі продкамі – бабуляй Аляксандрай і бацькам Іванам Ільінскім – пачынальнікамі шматлікай настаўніцкай дынастыі, адной з галінак якой з’яўляецца і сама Людміла Іванаўна.
“Гавары па-беларуску!” – прапанавалі вучням і настаўнікам Гудагайскай школы напачатку тыдня беларускай мовы – і многія прынялі прапанову. Хочацца спадзявацца, што гэтая спроба не пройдзе бясследна і калі не заўтра-паслязаўтра, то аднойчы сённяшнім вучням Гудагайскай школы захочацца гаварыць на роднай мове – з сябрамі, бацькамі, каханымі…
———————
Ніна РЫБІК.
Публікацыя ў газэте "Звязда"
Праект Гудагайскага школьнага музея прызнаны лепшым у рэспубліцы
“Астравецкая праўда”, Пятніца, 01.06.2018 12:31.
Падведзены вынікі конкурсу міжнародных інтэрнэт-праектаў “Прастора адкрытых магчымасцяў”. Сярод пераможцаў – Гудагайская сярэдняя школа.
На працягу двух месяцаў на платформе сістэмы дыстанцыйнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі праходзіў інтэрнэт-праект “Прастора адкрытых магчымасцяў”.
– Мэта праекта – выяўленне перадавога педагагічнага вопыту і распаўсюджванне новых ідэй у галіне прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у сістэме адукацыі, – расказала намеснік дырэктара Гудагайскай сярэдняй школы Жанна Леанардаўна Янцэвіч.
– Кіраўнік школьнага музея Марыя Карлаўна Васілёнак і праграміст школы Юрый Іванавіч Шыхаўцоў сталі ўдзельнікамі праекта ў намінацыі “IT-выхавальнік”.
Удзельнікі конкурсу ў гэтай намінацыі прадстаўлялі праекты на тэму “Зямля бацькоў – мая зямля”, якія адлюстроўваюць выкарыстанне магчымасцяў інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у духоўным і культурным выхаванні.
Праект “Роля вэб-сайта музея “Зямля гудагайская: матэрыльнае і духоўнае” Гудагайскай сярэдняй школы ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення” прызнаны пераможцам сярод 101 праекта і адзначаны Дыпломам І ступені.